Святыя зямлі Беларускай. Свяшчэннамучанік архідыякан Нікіфар Кантакузін.

nikifar19 кастрычніка  – дзень памяці свяшчэннамучаніка архідыякана Нікіфара Кантакузіна

Трапар свяшчэннамучаніку архідыякану Нікіфару, глас 5

Земли́ гре́ческия о́трасле пресла́вная, / священному́чениче архидиа́коне Ники́форе, / лати́нскаго лука́вствия обличи́телю, / ве́ры Правосла́вныя утвержде́ние, / за Христа́ быв гла́дом уморе́н, / Ему́ же на небеси́ песнь пое́ши ди́вную, // и о нас моли́, спасти́ся душа́м на́шим.

Зямлі грэчаскай па́растак сла́ўны, / свяшчэннаму́чанік архідыя́кан Нікіфар, / лацінскага крываду́шша выкрыва́льнік, / веры Правасла́ўнай умацава́нне, / за Хрыста ты го́ладам замо́раны, / Яму ж на нябёсах пе́сню спява́еш дзіво́сную, // маліся і за нас, каб спаслíся ду́шы на́шы.

Кандак свяшчэннамучаніку архідыякану Нікіфару, глас 3

На собо́ре Бересте́йстем, Ники́форе, прему́дре екза́рше, / отступи́вших от ве́ры Правосла́вныя посрами́л еси́, / Це́ркве яви́лся еси́ столп и огражде́ние, / и в темни́цу непови́нно всажде́н был еси́, / страда́ние и смерть от лати́нян прия́л еси́, / ны́не же в Гра́де Небе́снем у Христа́ Царя́ со А́нгелы лику́еши.

На саборы Берасцейскім ты, Нікіфар, прамудры экзарх,/ вы́крыў тых, што адступіліся ад веры Праваслаўнай, / для Царквы стаў ты стаўпом і абаронцам / і ў цямніцу бязвінна пасаджаны быў, / пакуты і смерць ад лацíнян прыня́ў, / а цяпер у Го́радзе Нябе́сным у Хрыста́ Цара́ з А́нгеламі ліку́еш.

Нікіфар Парасхес-Кантакузін — Экзарх Канстанцінопальскага Патрыярха, старшынстваваў на праваслаўным Брэсцкім саборы 1596 года. Пра яго захавалася няшмат звестак, але нават тыя, што дайшлі да нас, апавядаюць пра Нікіфара як пра нястомнага ваяра за веру Хрыстову, абаронцу чысціні Праваслаўя, рупліўца царкоўнага добраўладкавання.

Святы Нікіфар нарадзіўся ў Канстанцінопалі, у багатай сям’і. Дакладная дата яго нараджэння невядома, мяркуюць, што ён нарадзіўся ў 40-я гады XVI стагоддзя. Адукацыю атрымаў у Італіі ў Падуанскім універсітэце, дзе вучылася шмат праваслаўных грэкаў. Пасля заканчэння ўніверсітэта застаўся ў Падуі як выкладчык грэчаскай мовы. У агульных рысах юнацтва Нікіфара нагадвае жыццёвы шлях прападобнага Максіма Грэка, які таксама правёў маладосць у Італіі. Сваю вернасць Праваслаўю Нікіфар пацвердзіў, прыняўшы сан дыякана і сем гадоў праслужыўшы прапаведнікам у саборы святога Марка ў Венецыі, дзе богаслужэнне здзяйснялася паводле патрыяршага абраду.

У 1580-х гадах Нікіфар апынуўся ў Асманскай імперыі і неўзабаве заняў важнае месца ў Канстанцінопальскай патрыярхіі. Хутка ён становіцца адным з актыўных змагароў з царкоўнай уніяй. Спачатку Экзарх Нікіфар выступіў супраць уніяцкіх планаў католікаў у Малдавіі, арганізаваў асуджэнне ўніі на саборы ў горадзе Ясы летам 1595 года. З ініцыятывы Нікіфара быў пазбаўлены кафедры епіскап Георгій Магіла, які праводзіў уніяцкую лінію. Рашэнні Яскага сабору, якія рэзка і сурова асуджалі ўнію, сталі важнай падтрымкай для праваслаўных у Рэчы Паспалітай.

Прыбыццё ў 1596 годзе Экзарха Нікіфара ў Брэст, дзе ён узначаліў праваслаўны сабор, мела выключнае значэнне для ходу тагачасных падзей. Менавіта Нікіфар з яго вялікім вопытам і розумам здолеў арганізаваць і правесці паседжанні праваслаўнага сабору так, што дзеянні ўніятаў былі асуджаны як незаконныя.

Адразу пасля заключэння ўніі, калі пачаліся ганенні на праваслаўных, Нікіфар паводзіў сябе незалежна і бясстрашна. Калі Кірыл Лукарыс і іншыя грэкі спешна пакінулі краіну, Нікіфар застаўся. Ён працягваў арганізоўваць супраціўленне уніі, рассылаў пасланні, падбадзёрваў і пераконваў маладушных. Хаця ён знаходзіўся ў землях князя Канстанціна Астрожскага і выкладаў у Астрожскай акадэміі, яму было зразумела, што рана ці позна яго схопяць. Таму ўчынкі Нікіфара нельга растлумачыць інакш як тым, што інтарэсы Царквы для яго былі вышэй за ўласныя, і ён быў напоўнены рашучасцю пастаяць за ісціну «нават да смерці».

Пасля Брэсцкага сабору Нікіфара абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Турцыі і іншых злачынствах, за якія яму належалася смяротная кара. Тыя абвінавачанні не мелі пад сабой ніякай глебы, а толькі выкрывалі нянавісць да Экзарха з боку арганізатараў уніі. На судзе ён трымаўся незалежна і свабодна, рашуча абвяргаючы ўсе паклёпніцкія нагаворы.

Судовыя паседжанні былі спынены з-за адсутнасці доказаў супраць Нікіфара, аднак на свабоду яго не адпусцілі. Без усялякага прысуду яго адправілі ў Мальбарскі замак на поўначы Польшчы. Хадайніцтвы грэчаскіх іерархаў, у прыватнасці Александрыйскага патрыярха Мялеція, не былі ўзятыя пад увагу. Князь Канстанцін-Васілій Астрожскі, які выступаў у абарону Нікіфара, таксама не дамогся справядлівасці, бо ў судзе пераважалі сенатары-католікі. У выніку праз два гады пасля судовага працэсу Нікіфар памёр у вязніцы галоднай смерцю.

Экзарх Нікіфар — асоба вялікага маштабу, несумненны падзвіжнік, які яўляе нам прыклад жыцця па веры і бясстрашнай, бескампраміснай вернасці Царкве, вернасці, магчымай толькі праз благадатнае садзеянне Духа Святога. Яго настойлівая барацьба з уніяй нагадвае подзвіг яго сучасніка — свяціцеля Патрыярха Маскоўскага Гермагена, які цвёрда стаяў у веры і таксама загінуў галоднай смерцю. Але подзвіг Экзарха Нікіфара адметны — у ім няма нацыянальнай абмежаванасці. Ён змагаўся за Царкву з поўным усведамленнем яе звышнацыянальнай прыроды, у якой “няма ні эліна, ні іудзея, ні скіфа, ні варвара” (Кал. 3, 11).

У 2001 годзе свяшчэннамучанік Нікіфар быў кананізаваны па ініцыятыве Львоўскай епархіі Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату, а ў 2002-м далучаны да Сабору Беларускіх святых.

Святыя зямлі Беларускай. Жыццеапісанні. Уклад. Л.Я. Кулажанка, Т.А. Матрунчык — Мінск. Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора. 2012. — 184 с.: іл.