Святыя зямлі Беларускай. Свяшчэннамучанікі Уладзімір Пастэрнацкі i Дзімітрый Плышэўскі.

21 студзеня – дзень памяці свяшчэннамучанікаў Уладзіміра Пастэрнацкага i Дзімітрыя Плышэўскага

nov510-281010

Свмч. Уладзімір Пастэрнацкі

Свяшчэннамучанік Уладзімір Пастэрнацкі (2.07.1885 – 21.01.1938) нарадзіўся ў Дудзічах Ігуменскага павета ў святарскай сям’і. Пасля сканчэння Мінскай духоўнай семінарыі рукапаложаны ў сан свяшчэнніка і прызначаны ў Петра-Паўлаўскую царкву вёскі Пясочнае (цяпер Уздзенскі раён). З 1932 года быў настаяцелем Спаса-Увазнясенскай царквы Капыля. Першы раз арыштаваны ў 1936 годзе за тое, што вёў запісы людзей, якіх хрысціў. Пасля адбыцця двух гадоў у калоніі другі раз арыштаваны за “правядзенне контррэвалюцыйнай работы” сярод насельніцтва. 5 студзеня 1938 года тройкай НКУС па Смаленскай вобласці прыгавораны да расстрэлу “як агент нямецкай разведкі”. Кананізаваны ў ліку мясцовашанаваных святых Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы 28 кастрычніка 1999 года. Агульнацаркоўнае шанаванне згодна з рашэннем Архіерэйскага Сабора Рускай Праваслаўнай Царквы пачалося ў 2000 годзе.

Свяшчэннамучанік Дзімітрый Плышэўскі (1883 – 19.01.1938) нарадзіўся ў сяле Дубянец на Піншчыне ў святарскай сям’і. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю. У 1920-я гады служыў другім свяшчэннікам у вёсцы Узляны (цяпер Пухавіцкі раён). Арыштаваны ў 1930 годзе за нявыплату падатка на храм, але пасля допытаў быў адпушчаны. Пасля закрыцця Узлянскай царквы перайшоў служыць у прыход мястэчка Смалявічы. Зноў арыштаваны 26 верасня 1937 года паводле сфабрыкаванай справы «контррэвалюцыйнай паўстанцкай шпіёнскай арганізацыі». Расстраляны 19 студзеня 1938 года ў Мінску і пахаваны ў агульнай невядомай магіле. Кананізаваны ў ліку мясцовашанаваных святых Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы 28 кастрычніка 1999 года. Архіерэйскі юбілейны Сабор Рускай Праваслаўнай Царквы ўнёс імя айца Дзімітрыя ў Сабор навамучанікаў і вызнаўцаў Расійскіх для агульнацаркоўнага шанавання ў 2000 годзе.

Святыя зямлі Беларускай. Жыццеапісанні. Уклад. Л.Я. Кулажанка, Т.А. Матрунчык — Мінск. Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора. 2012. — 184 с.: іл.