Святыя зямлі Беларускай. Свяшчэннамучанік Паўлiн, архіепіскап Магілёўскі.

pavlin3 лiстапада  – дзень памяці свяшчэннамучаніка Паўлiна, архіепіскапа Магілёўскага

Трапар свяшчэннамучаніку Паўліну Магілёўскаму, глас 2

Ве́ры Правосла́вныя непоро́чный блюсти́телю / и за́поведей Христо́вых усе́рдный исполни́телю,/ священному́чениче Павли́не,/ Христа́ всем се́рдцем возлюби́в,/ па́ству твою́ до́бре упа́сл еси́./ В хла́дней Сиби́ри му́ченическую смерть прия́л еси́,/ венце́м сла́вы украси́лся еси́ / и в ве́чней сла́ве пребыва́я,// моли́ спасти́ся душа́м на́шим.

Веры Праваслаўнай беззаганны захавальнік,/ і запаведзяў Хрыстовых руплівы выканаўца, / свяшчэнна­мучанік Паўлін,/ Хрыста ўсім сэрцам узлюбіўшы, / пастваю тваёю ты добра кіраваў./ У халоднай Сібіры мучаніцкую смерць прыня́ў ты,/ вянцом славы ўпрыгожаны / і ў вечнай славе знаходзячыся, // малі, каб спасліся душы нашы.

Кандак свяшчэннамучаніку Паўліну Магілёўскаму, глас 8

Избра́нный священному́чениче и престо́лов апо́стольских наме́стниче,/ гра́да Могиле́ва преди́вный свети́льниче,/ кро́тостию и незло́бием А́гнцу Бо́жию уподо́бивыйся,/ изгна́ние, темни́чныя у́зы и злострада́ния от безбо́жных претерпе́вый,/ да́же до сме́рти ве́рен Христу́ пребы́л еси́, блаже́нне./ Ты же, я́ко име́яй дерзнове́ние ко Го́споду,/ просвети́ омраче́нныя умы́ и сердца́ на́ша, да зове́м ти:/ Ра́дуйся, священному́чениче Павли́не, усе́рдный о нас ко Го́споду моли́твенниче.

Абраны свяшчэннамучанік і прастолаў апостальскіх намеснік,/ горада Магілёва дзівосны светач, / лагоднасцю і незласлівасцю да Агнца Божага падобны, / выгнанне, цямнічнае зняволенне і пакуты ад бязбожных перацярпеўшы,/ да самай смерці верным Хрысту застаўся ты, блажэнны./ Ты ж, маючы адвагу перад Госпадам,/ прасвятлі азмрочаны розум і сэрцы нашы, каб мы ўскліка́лі да цябе:// Радуйся, свяшчэннамучанік Паўлін, старанны за нас да Госпада малітвеннік.

Свяшчэннамучанік Паўлін (Пётр Кузьміч Крошачкін) нарадзіўся ў 1879 годзе ў вёсцы Керанкова Макшанскага павета Пензенскай губерні ў сям`і набожных бацькоў Кузьмы і Еўдакіі. Рана страціўшы бацьку, гадаваўся ён пад апякунствам маці, якая адзначалася строгім дабрадзейным жыццём, а пазней прыняла манашаства. Навучаючыся ў Макшанскім гарадскім вучылішчы, Пётр наведваў богаслужэнні ў Макшанскім Казанскім манастыры, дзе яго душу глыбока кранула атмасфера ўзнёсласці і малітоўнасці спеваў. Там у будучага свяціцеля ўпершыню ўзнікла гарачае жаданне прысвяціць сваё жыццё служэнню Госпаду ў манашаскім чыне.

У час вучобы Пётр моцна захварэў. Дактары, вычарпаўшы свае магчымасці, адмовіліся лячыць яго далей. Але па малітвах маці юнак паправіўся, і ва ўдзячнасць Госпаду яна з сынам паехала ў Сароўскую пустынь, дзе юнак яшчэ больш умацаваўся ў намеры прыняць манашаства.

Ва ўзросце 16-ці гадоў Пётр паступіў паслушнікам у Сароўскую пустынь, там выконваў розныя паслушанні на працягу некалькіх гадоў. Затым перайшоў у Мікола-Бабаеўскі манастыр, дзе яго прызначылі панамаром. Манастырскае начальства заўважыла асаблівыя здольнасці і імкненне да адукацыі маладога паслушніка. У 1904 годзе з дазволу манастырскага начальства ён накіраваўся ў Маскоўскі Новаспаскі манастыр, дзе нёс кліраснае паслушанне і настойліва займаўся самаадукацыяй. У 1910 годзе прыняў манашаскі пострыг з імем Паўлін у гонар свяціцеля Паўліна Міласцівага, епіскапа Наланскага. Праз некаторы час ён паступіў у духоўную семінарыю, чатырохгадовы курс якой скончыў экстэрнам за адзін год. Пасля быў прыняты ў лік студэнтаў Маскоўскай Духоўнай Акадэміі, якую таксама з поспехам скончыў. Будучы іераманахам, а затым і архімандрытам Новаспаскага манастыра, сваім пранікнёным служэннем, прастатою і любоўю да бліжняга ён набыў павагу і вядомасць сярод масквічоў.

У 1921 годзе, калі шырыліся ганенні на Царкву, архімандрыт Паўлін быў прызваны на свяціцельскае служэнне. Хіратонію здзейсніў свяцейшы Патрыярх Ціхан, прызначыўшы ўладыку Паўліна епіскапам Рыльскім, вікарыем Курскай епархіі. За час служэння ў Курску ўладыка наведаў усе гарады епархіі, асабліва часта бываў у Пуціўльскім Молчанскім манастыры і Глінскай пустыні. У канцы 1922 года ўладыка Паўлін быў арыштаваны, адвезены ў Маскву і пасажаны ў турму нібы “за растрату хлеба і сродкаў, сабраных для галадаючых Паволжа”. У турме ўладыка прабыў каля года, увесь час знаходзіўся ў адзіночнай камеры. Пазней ён называў турму з адзіночнай камерай “другой акадэміяй”. Вярнуўшыся ў Курск, ён заняў бескампрамісную пазіцыю адносна абнаўленцаў, у выніку хутка над ім зноў навісла пагроза арышту. Пасля закрыцця Рыльскага манастыра ўладыка Паўлін перабраўся ў Маскву.

У 1925 годзе ўладыка Паўлін быў прызначаны епіскапам Полацкім. Аднак на месца прызначэння не выехаў, бо яму прыйшлося займацца пытаннямі арганізацыі тайных выбараў Патрыярха, за што ён зноў быў арыштаваны. Усе жахі зняволення свяціцель пераносіў з выключнай пакорай і стойкасцю.

Пасля вызвалення ў 1927 годзе ўладыка Паўлін атрымаў прызначэнне на Пермскую кафедру, а ў 1930—1933 гг. узначальваў Калужскую епархію. Акружаны любоўю простага народа, уладыка думаў застацца там надоўга. Але ў жніўні 1933 года атрымаў прызначэнне ў Магілёў з тытулам архіепіскап Магілёўскі. Гэта быў цяжкі час для праваслаўных вернікаў. У Магілёве з больш чым двух дзесяткаў праваслаўных храмаў дзейнічалі толькі тры. Уся царкоўная маёмасць была канфіскавана, і архіепіскап Паўлін мусіў наймаць прыватны пакой у доме сваіх прыхаджан Сітнікавых.

Архіепіскап Паўлін адзначаўся міласэрнасцю, праўдзівасцю, моцай веры, шмат каму дапамагаў матэрыяльна. Паства і мясцовае духавенства плацілі яму сваёй любоўю і павагай. Усё гэта садзейнічала ўмацаванню аўтарытэту Царквы ў Магілёве і епархіі.

2 кастрычніка 1935 года архіепіскап Паўлін быў арыштаваны магілёўскім аддзелам НКУС БССР і пасаджаны ў магілёўскую турму. Затым яго перавялі ў Мінскую ўнутраную турму НКУС. На судзе архіепіскап не адрокся ад сваіх перакананняў, вызнаваў веру ў Бога і адмаўляўся ад усіх паклёпніцкіх абвінавачанняў. Паводле прысуду спецкалегіі Вярхоўнага суда БССР ад 21 красавіка 1936 года ён быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі і адпраўлены ў Нова-Іванаўскае аддзяленне Сіблага НКУС Кемераўскай вобласці.

Знаходзячыся ў лагеры, архіепіскап Магілёўскі зноў быў арыштаваны і пастановай лагернай тройкі ўпраўлення НКУС Заходне-Сібірскага краю ад 28 кастрычніка 1937 года прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Смяротны прыгавор выкананы 3 лістапада таго ж года. Месца пахавання яго невядома.

Рэабілітаваны свяціцель быў 15 сакавіка 1989 года пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. У 2000 годзе на Архіерэйскім саборы РПЦ архіепіскап Паўлін быў праслаўлены ў ліку навамучанікаў Расійскіх, а ў 2002 годзе далучаны да Сабору Беларускіх святых.

Свяшчэннамучанік Паўлін асабліва ўшаноўваецца ў Магілёўскiм Мікольскім манастыры, дзе маецца ікона свяціцеля, а таксама захоўваецца яго архіерэйскі Службоўнік. На магілёўскіх Машэкаўскіх могілках пахавана маці свяціцеля.

Святыя зямлі Беларускай. Жыццеапісанні. Уклад. Л.Я. Кулажанка, Т.А. Матрунчык — Мінск. Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора. 2012. — 184 с.: іл.