Святыя зямлі Беларускай.

sobor

На працягу тысячагадовай гісторыі Праваслаўнай Царквы ў Беларусі ў розныя часы праславіліся сваім жыццём угоднікі Божыя, якія сталі дастойнымі ўдзельнікамі Яго нябеснай славы. Для нас, нашчадкаў, святыя пакінулі ў спадчыну свой духоўны вопыт, шлях служэння, павучанні, рукапісы, кнігі. Святыя паказваюць нам узор служэння, і ўзор гэты блізкі і даступны для нас, бо здзяйснялі служэнне блізкія і дарагія нам людзі – нашы святыя продкі: “свяціцелі, мучанікі, прападобныя і праведныя”.

Для кожнага з беларускіх святых устаноўлены дзень памяці, акрамя таго, у трэцюю нядзелю пасля Пяцідзесятніцы адзначаецца святкаванне Сабора Беларускіх Святых, усталяванае 3 красавіка 1984 года па хадайніцтве Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта.

Самымі старажытнымі ў Беларусі з’яўляюцца Полацкая і Тураўская епархіі, таму і першымі вядомымі нам беларускімі святымі былі святыя Полацкія і Тураўскія. Сярод іх свяціцелі МінаДзіянісій і Сімяон, епіскапы Полацкіясвяціцелі Кірыл і Лаўрэнцій, епіскапы Тураўскія. Яны ўшаноўваюцца як першыя архіпастыры, што сваім жыццём і служэннем спрыялі распаўсюджванню веры Хрыстовай у першыя вякі пасля Хрышчэння зямлі Беларускай. Іх свяціцельская дзейнасць працякала ў XII і XIII стагоддзях. У гэты ж перыяд свой манашаскі подзвіг здзяйснялі прападобныя Марцін Тураўскі, Еўфрасіння Полацкая, Елісей Лаўрышаўскі. Калі галоўнай свяціцельскай мэтай заўсёды з’яўляецца ўсталяванне і ўмацаванне Царквы Хрыстовай, то насельнікі манастыроў, апрача асаблівага малітоўнага подзвігу, неслі абавязак духоўнага асветніцтва. Таму мы і называем прападобную Еўфрасінню духоўнай асветніцай беларускага народа.

У XII стагоддзі існавала яшчэ адна старажытная епархія, у склад якой уваходзілі беларускія землі, – Смаленская. Тут праславіўся сваімі богаўгоднымі справамі і праведнасцю дабраверны Расціслаў, князь Кіеўскі і Смаленскі. Ім былі пабудаваны мноства храмаў і манастыроў на нашых землях, сваім жыццём ён яўляў асабісты прыклад набожнасці і дабрадзейнасці.

У XIII–XIV стагоддзях хрысціянская вера распаўсюджвалася на паўночна-заходніх землях Вялікага княства Літоўскага. Гэта адбывалася не заўсёды мірна. У той час здзейснілі свой мучаніцкі подзвіг святыя Антоній, Іаан і Яўстафій Віленскія. Іх мы ўшаноўваем як першых на Беларусі мучанікаў дзеля Хрыста. І, відаць, не выпадкова пасля іх вызнаўчага подзвігу на землях Вялікага княства Літоўскага ўсталяваўся амаль 200-гадовы перыяд умацавання Праваслаўнай Царквы і росквіту асветы і адукацыі. У гэты перыяд Гасподзь праславіў праведную дзеву Юліянію Альшанскую, пра зямное жыццё якой амаль не захавалася звестак, і гэта таксама не выпадкова. Таму што ў яе вобліку мы бачым вобраз многіх беларускіх жанчын-хрысціянак, якія праведна і набожна здзяйснялі і цяпер здзяйсняюць свой хрысціянскі подзвіг.

Цяжкім выпрабаваннем для Праваслаўя стаў перыяд уніі. Стойкасцю і адданасцю веры праваслаўнай у гэты час праславіліся прападобнамучанікі Афанасій Брэсцкі і Макарый Пінскіпрападобны Ляонцій, архімандрыт Віленскіправедная Сафія Слуцкая.

Як нябеснага апекуна дзетак-хрысціян мы ўшаноўваем мучаніка дзіцятку Гаўрыіла Беластоцкага.

У перыяд уніі на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, якое ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай, засталася толькі адна праваслаўная епархія з цэнтрам у Магілёве. На чале гэтай епархіі стаяў свяціцель Георгій (Каніскі). Ён рашуча адстойваў правы праваслаўных вернікаў, арганізаваў шырокую асветніцкую дзейнасць, клапаціўся пра духоўны і адукацыйны ўзровень свяшчэннаслужыцеляў і народа. Сваёй падзвіжніцкай дзейнасцю архіепіскап Георгій падрыхтаваў дабрадатную глебу для вяртання духавенства з уніі ў Праваслаўе.

Можна заўважыць, што ў гісторыі Царквы Хрыстовай мірныя і стваральныя перыяды чаргуюцца з перыядамі выпрабаванняў і ганенняў. Адпаведна з гэтым у мірныя часы найбольш праяўляецца подзвіг праведнасці і дабрадзейнасці, а ў часы ганенняў здзяйсняюцца подзвігі мучаніцтва.

Так, са спачынам у 1917 годзе праведнага Іаана Кармянскага звязваецца заканчэнне мірнага перыяду ў гісторыі Царквы ў Беларусі. Пасля гэтага пачынаецца перыяд ліхалеццяў, калі мучаніцтва дзеля Хрыста прынялі тысячы людзей. З іх ліку Гасподзь адкрыў нам лёсы  навамучанікаў і вызнаўцаў Мінскай епархіі, якія былі праслаўлены Беларускай Праваслаўнай Царквой у 1999 годзе, а таксама навамучанікаў Віцебскай і Тураўскай епархій.

У апошнія гады да ліку Святых зямлі Беларускай былі далучаны свяшчэннамучанікі Паўлін, епіскап Магілёўскі, праслаўлены ў 2000 годзе; Макарый, мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе РусіМітрафан, архіепіскап АстраханскіІаан, архіепіскап Рыжскі, праслаўленыя ў 2002 годзе. З іх мітрапаліт Макарый быў забіты татарамі ў 1497 годзе пад Мазыром, па дарозе з Наваградка ў Кіеў. Астатнія пэўны час свайго служэння прысвяцілі Беларусі і загінулі за веру ў часы сталінскіх рэпрэсій.

Пастановай Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ў 2002 годзе да ліку Сабора Беларускіх Святых далучаны свяшчэннамучанік архідыякан Нікіфар (Катнакузен), які быў афіцыйным прадстаўніком Канстанцінопальскага патрыярха ў Вялікім княстве Літоўскім і праявіў мужнасць у абароне Праваслаўя на Брэсцкім царкоўным саборы 1596 года. Яго цвёрдая пазіцыя ў абарону Праваслаўя прывяла да жорсткага пераследу з боку каталіцкай улады, які скончыўся мучаніцкай канчынай архідыякана.

У 2002 годзе да Сабора Беларускіх Святых таксама далучаны святыя, якія падзвізаліся ў больш даўні час: дабраверны Барыс, князь Тураўскі; дабраверная княгіня Еўпраксія Пскоўскаяпрападобны Генадзій Магілёўскіпрападобны Фёдар АстрожскіПрападобная Харыціна, княжна Літоўская.

За апошнія гады, дзякуючы архіўным пошукам, папоўніўся сабор навамучанікаў і вызнаўцаў праваслаўнай веры. Да ліку беларускіх святых далучаны свяціцель Іаасаф (Жавахаў), які ў 1934 годзе ўзначальваў Магілёўскую епархію, а ў трагічным 1937 быў асуджаны і расстраляны па распараджэнні бязбожнай улады.

У 2004 годзеў Мікалаеўскім храме горада Петрыкава адбылося праслаўленне свяшчэннамучаніка Іаана (Пашына), ураджэнца тых месцаў, які ў сане вікарнага епіскапа служыў на Гомельшчыне і таксама прыняў пакутніцкую смерць за веру ў 1930-я гады.

6 лютага 2006 года мы сталі сведкамі і саўдзельнікамі праслаўлення ў ліку святых угодніцы Божай блажэннай Валянціны Мінскай, якая ў цяжкія часы агульнага бязвер’я, калі Царкву гналі і храмы разбуралі, захоўвала ў душы сваёй неацэнны скарб веры, памнажала яго, перадаючы бліжнім і запальваючы любоўю Божай людскія сэрцы. 

У 2007 годзе Царква праславіла навамучанікаў Віцебскай епархіі і прападобную Манефу Гомельскую, жыццёвы шлях якой таксама прыпаў на бязбожныя часы дзяржаўнага атэізму.

У 2009 годзе да Сабору Беларускіх Святых далучаны яшчэ 14 святых, якія былі кананізаваны паводле прадстаўлення іншых епархій Рускай Праваслаўнай Царквы, але іх жыццё і служэнне было звязана з нашай зямлёй.

У 2010-2011 гадах сонм навамучанікаў папоўніўся імёнамі прасвітараў Аляксія Лельчыцкага і Канстанціна Шаркаўшчынскага, якія пацярпелі за веру Хрыстову ад бязбожнай улады ў першай палове ХХ стагоддзя.

Дай Божа нам дастойна і з годнасцю ўшаноўваць святасць, яўленую нашаму народу! Будзем жа малітоўна звяртацца да тых, каго Гасподзь даў нам у дапамогу і заступніцтва.

Святыя зямлі Беларускай. Жыццеапісанні. Уклад. Л.Я. Кулажанка, Т.А. Матрунчык — Мінск. Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора. 2012. — 184 с.: іл.