Святыя зямлі Беларускай. Свяшчэннамучанік Аляксій, прасвітар Лельчыцкі.

aleks-lel20 кастрычніка  – дзень памяці свяшчэннамучаніка Аляксія, прасвітара Лельчыцкага

Трапар свяшчэннамучаніку Аляксію Лельчыцкаму, глас 2

Подвигом добрым подвизался еси,/ и веру соблюл еси даже до крове,/ священномучениче Алексие,/ взирающе на страдания твоя,/ и мы прославляем прославившаго тя Господа,/ даровавшаго нам светильника новаго.

Подзвігам добрым падзвізаўся ты / і веру захаваў ты нават да крыві,/ свяшчэннамучаніча Аляксіе,/ гледзячы на пакуты твае,/ і мы праслаўляем Госпада, Які праславіў цябе / і даў нам светача новага.

Айцец Аляксій Магільніцкі нарадзіўся 17 кастрычніка 1870 года ў горадзе Мінску ў сям’і мяшчан. Пасля сканчэння Мінскага духоўнага вучылішча паступіў у Мінскую духоўную семінарію. У 1892 годзе пачаў служэнне ў якасці псаломшчыка Востраўскай царквы Пінскага павета. Праз год у Мінскім кафедральным саборы епіскап Мінскі і Тураўскі Сімяон (Лінькоў) здзейсніў рукапалажэнне Аляксія ў сан дыякана, а неўзабаве – і ў сан свяшчэнніка. Першым месцам служэння маладога пастыра стаў прыход у гонар Нараджэння Багародзіцы вёскі Вялікі Бор Рэчыцкага павета. Малады свяшчэннік запомніўся людзям як добры прапаведнік, выкладчык Закону Божага ў мясцовым народным вучылішчы.

У 1896 годзе згодна з прашэннем айца Аляксія перавялі ў Туркоўскі прыход Бабруйскага павета, дзе ён праслужыў больш за дзесяць гадоў. Стараннем настаяцеля ў Турках была пабудавана новая драўляная царква ў гонар Святой Троіцы, а таксама званіца, трапезная і іншыя царкоўныя пабудовы. У час руска-японскай вайны айцец Аляксій быў актыўным арганізатарам збору сродкаў для воінаў, за што быў узнагароджаны срэбным медалём Чырвонага Крыжа.

У 1907 годзе айцец Аляксій прызначаны ў Свята-Міхайлаўскі сабор горада Мазыра, адначасова выкладаў Закон Божы ў жаночым і мужчынскім гарадскіх вучылішчах. На ўсіх месцах служэнне айца Аляксія вызначалася руплівым выкананнем пастырскіх абавязкаў, любоўю да прыхаджан, мірам у прыходзе.

У 1912 годзе сям’ю Магільніцкіх напаткала няшчасце – ва ўзросце 37 гадоў памерла матушка Анастасія. Пад апекай айца Аляксія засталося пяцёра непаўналетніх дзяцей. Нягледзячы на цяжкасці, яму ўдалося выгадаваць, выхаваць і даць добрую адукацыю кожнаму з іх.

У 1920 годзе айца Аляксія перавялі ў мястэчка Лельчыцы Мазырскага павета – апошняе месца яго пастырскага служэння. Нягледзячы на ганенні з боку бязбожнай улады, ён да канца заставаўся верным Богу і свайму святарскаму абавязку. У 1930 годзе яго прыцягнулі да суда на падставе надуманага абвінавачання ў «захаванні дробнаразменнай манеты». Неўзабаве храм у Лельчыцах быў закрыты і пераўтвораны ў зернесховішча. У такіх умовах свяшчэннік не мог пакінуць сваю паству без духоўнай дапамогі. Ён пачаў выконваць богаслужэнні і трэбы на сваёй кватэры – хрысціў дзяцей, маліўся за здароўе хворых і за ўпакой спачылых.

Такія смелыя дзеянні пастыра не маглі застацца незаўважанымі. 14 жніўня 1937 яго арыштавалі, абвінаваціўшы ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці, паклёпе на савецкую ўладу, агітацыі супраць калгасаў». Айцец Аляксій Магільніцкі не прызнаў сваёй віны ні па адным з абсурдных абвінавачанняў і нікога не агаварыў. Яго справу накіравалі на разгляд асобай Тройкі НКУС БССР, якая 27 верасня 1937 года прыгаварыла Аляксія Магільніцкага да вышэйшай меры пакарання. 20 кастрычніка 1937 года ў Мазыры прыгавор быў прыведзены ў выкананне. Дзеянні ўлады былі прызнаны беспадстаўнымі толькі ў 1989 годзе, калі адбылася яго рэабілітацыя.

21 лістапада 2010 года ў горадзе Мазыр Тураўскай епархіі адбыліся ўрачыстасці з нагоды царкоўнага праслаўлення свяшчэннамучаніка Аляксія і далучэння яго да ліку навамучанікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай. У вёсцы Сырод Калінкавіцкага раёна будуецца храм у гонар свяшчэннамучаніка Аляксія Лельчыцкага.

Святыя зямлі Беларускай. Жыццеапісанні. Уклад. Л.Я. Кулажанка, Т.А. Матрунчык — Мінск. Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора. 2012. — 184 с.: іл.