5 лiстапада – дзень памяці прападобнага Елiсея Лаўрышаўскага
Трапар прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму, глас 3
Преподо́бне о́тче наш Елисе́е,/ с Лавре́нтием чу́дным подвиза́лся еси́,/ учи́телю своему́ подража́я,/ земну́ю сла́ву и честь стопа́м Христа́ пове́ргли есте́,/ те́мже Госпо́дь увенча́ вас, нетле́нным венце́м сла́вы Своея́.
Прападобны ойча наш Елісее,/ з Лаўрэнціем дзіўным падзвізаўся ты,/ настаўніку свайму наследуючы;/ зямную славу і гонар да ног Хрыста схілілі вы,/ таму Гасподзь увянчаў вас нятленным вянцом славы Сваёй.
Кандак прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму, глас 2
Оби́тели Ла́врашевстей помо́щниче преди́вный,/ и всея́ земли́ Белору́сския печа́льниче,/ о по́двизе твое́м Це́рковь Христо́ва ра́дуется / и веселя́щеся сыно́внею любо́вию к Бо́гу устремля́ется./ Его́же моли́ о нас, преподо́бне Елисе́е, // во е́же спасти́ся душа́м на́шим.
Абіцелі Ла́ўрышаўскай памочнік дзівосны,/ і ўсяе зямлі Беларускае апяку́н,/ подзвігу твайму Царква Хрыстова ра́дуецца / і з весялосцю ў сыно́ўняй любові да Бога звярта́ецца. / Маліся Яму за нас, прападобны Елісе́е,// каб спасліся ду́шы на́шы.
Згодна з жыціем, святы Елісей быў сынам літоўскага князя Трайната, займаў высокую пасаду пры двары вялікага князя Міндоўга. Прыняўшы хрышчэнне, у 1225 годзе Елісей пакінуў прыдворную службу і адышоў у пустынь. Праз некаторы час разам з адным праваслаўным манахам ён заснаваў Лаўрышаўскі манастыр на рацэ Нёман — адзін з найбольш старажытных у Беларусі. Пазней у гэтай абіцелі жыў і вялікі князь літоўскі Войшалк. У XIII стагоддзі манастыр, заснаваны прападобным Елісеем, быў духоўным і культурным цэнтрам Вялікага княства Літоўскага. Тут вялося летапісанне. Каля 1329 года для Лаўрышаўскага манастыра было напісана на пергаменце рукапіснае Евангелле — помнік беларускага кнігапісання. Яно захавалася да нашага часу і цяпер знаходзіцца ў Кракаве. У XVI стагоддзі пры манастыры дзейнічала школа, была багатая бібліятэка. Акрамя асноўнага храма ў гонар Нараджэння Багародзіцы, тут была ўзведзена Уваскрасенская царква.
У жыціі паведамляецца, што Елісей быў забіты беснаватым юнаком-слугой у ноч на 23 кастрычніка (ст. ст.) 1250 года. Прападобны Елісей быў пахаваны ў заснаваным ім манастыры. Верагодна, праз нейкі час адбылося аднойдзенне мошчаў, бо паводле сведчанняў крыніц XVII ст., мошчы святога пачывалі адкрыта. Захаваліся звесткі пра цуды, якія адбываліся па малітвах пры грабніцы святога. Жыціе паведамляе, што аднойчы, выпадкова дакрануўшыся да мошчаў святога Елісея, ацаліўся беснаваты.
У 1506 годзе крымскія татары, спустошыўшы ваколіцы Наваградка, наблізіліся да Лаўрышаўскага манастыра. Гасподзь зноў явіў цуд праз Свайго ўгодніка: татарам здалося, што манастырскі двор запоўнены адборнай конніцай, і яны ў страху павярнулі назад. Магчыма, гэты цуд стаў нагодай да кананізацыі прападобнага Елісея Кіеўскім мітрапалітам Іосіфам II Солтанам на саборы, які адбыўся ў 1514 годзе ў Вільні. Памяць пра святога захоўвалася ў Лаўрышаўскім манастыры і ў XVII стагоддзi, пасля падпарадкавання яго ўніятам. У адну са спусташальных войнаў (верагодна, Паўночнай 1700-1721) манастыр быў спалены, а мошчы святога брація паспела схаваць у зямлі.
Адраджэнне абіцелі адбылося ў 1775–1780 гады як праваслаўнай. Аднак ў 1836 годзе манастыр быў скасаваны з-за малалікасці насельнікаў і беднасці. Манастырскі храм стаў прыходскім. У сярэдзіне XIX стагоддзя мошчы святога Елісея пачывалі пад спудам храма.
У 1913 годзе па благаславенню епіскапа Мінскага і Тураўскага свяшчэннамучаніка Мітрафана (Краснапольскага) манастыр быў адроджаны як падвор`е Мінскага архіерэйскага дома. 14 ліпеня быў асвячоны манастырскі храм у гонар прарока Елісея. Аднак ужо ў 1915 годзе ў час ваеннных дзеянняў храм згарэў. Пасля гэтага манастыр перастаў існаваць.
У 1993 годзе паблізу вёскі Гнесічы, непадалёк ад былога манастыра, асвячона месца пад будаўніцтва новага храма. Завяршэнне будаўніцтва і асвячэнне ў імя святога Елісея Лаўрышаўскага адбылося ў 1998 годзе. У 2007 годзе ў абіцелі ўзноўлена манашаскае жыццё.
З 1984 года прападобны Елісей ушаноўваецца ў Саборы Беларускіх святых. У гонар прападобнага асвячоны храм у вёсцы Мінойты Лiдскага раёна. На плошчы горада Навагрудка, каля царквы ў вёсцы Лаўрышава, а таксама на тэрыторыі Свята-Елісееўскага манастыра адкрыты помнікі святому. Пачынаючы з 2000 года напярэдадні дня святкавання памяці прападобнага здзяйсняюцца хрэсныя ходы з Навагрудка ў Лаўрышаўскі манастыр.
Святыя зямлі Беларускай. Жыццеапісанні. Уклад. Л.Я. Кулажанка, Т.А. Матрунчык — Мінск. Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора. 2012. — 184 с.: іл.